Вераснёвыя светлыя мары

2017 год праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Пяць стагоддзяў таму выйшла першая кніга першадрукара, асветніка Францыска Скарыны «Псалтыр». У гэтым годзе ўся сусветная грамадскасць святкуе 135-годдзе з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-гадовыя юбілеі Пімена Панчанкі і Янкі Брыля.

З этай нагоды 15 верасня «Ноч у бібліятэцы» прайшла пад назвай «Вераснёвыя светлыя мары» і была афарбавана беларускім нацыянальным каларытам.

У займальнае інтэрактыўнае падарожжа з Францыскам Скарынай запрасілі наведвальнікаў свята ў Музеі рэдкай кнігі, дзе ўсе жадаючыя пазнаёміліся з цікавай выставай «Уся справа… ў капелюшы: галаўныя ўборы народаў свету» з прыватнай калекцыі І.І. Дуброва і кніжнай выставай «Выложена працею и вытиснено повелением», прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

На фальклорнай пляцоўцы «Таямнічыя сцежкі кахання» юнакі і дзяўчаты прынялі ўдзел у тэатралізаваным абрадзе «Вяселле», які выканалі студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны пад кіраўніцтвам прафесара Валянціны Новак, з імпэтам уключыліся ў беларускія народныя танцы і вясельныя спевы разам з удзельнікамі Школкі народнага танца пад кіраўніцтвам Пятра Цалка.

На літаратурнай пляцоўцы «Казачныя чытанкі» маленькія чытачы і іх бацькі апынуліся ў казачным свеце, дзе свае казкі са зборніка «Сем ружаў» прачытала аўтар Надзея Ясмінска. Дзеці с задавальненнем бавілі час разам з Феяй Усмешкай на «Альтанцы для чытанкі».

Усе прыхільнікі творчасці маладых гомельскіх музыкаў групы «Сімулякросс» у гэты вечар апынуліся на незвычайным света-гукавым эксперыме ў літаратурна-музычным салоне, дзе разам выконвалі вядомыя беларускія песні.

Амаль 3 гадзіны працягваўся Марафон чытання паэмы Якуба Коласа «Новая зямля», дзе чытальнікі знакамітага твора класіка беларускай літаратуры без перапынку змянялі адзін аднаго.

Аматары інтэлектуальных і настольных гульняў спрабавалі свае сілы ў «Беларускім бібліятэчным квізе», яны атрымалі вялікае задавальненне, шмат пазітыўных эмоцый і сувеніры на памяць ад Гомельскай абласной бібліятэкі.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў свята выклікала выстава статуэтак соў з прыватнай калекцыі знаўцы клуба «Што? Дзе? Калі?» Леаніда Клімовіча, які для ўсіх жадаючых правёў імправізаваную інтэлектуальную гульню «Знаўцы пад белымі крыламі».

Наведвальнікі «Бібліяночы» пазнаёміліся з новымі экспазіцыямі «Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны», акунуліся ў вясёлую атмасферу беларускага «Літаратурнага кірмаша», памарылі на «Літаратурным панадворку», прынялі ўдзел у акцыі «Адрадзім рушнік разам!» з самабытным Майстрам Любамірам.

Моладзь, якой у гэты вечар было зашмат, у актавай зале пачула  спецыяльна падрыхтаваную музычную праграму «Мова і гук» маладых гомельскіх выканаўцаў Мікалая Скінціяна, Дзмітрыя Яраша і Мікалая Фірсанава. А акцёры-бібліятэкары народнага аматарскага тэатра «Грачи» пад кіраўніцтвам маладога таленавітага рэжысёра Дзмітрыя Байкова прадставілі свой новы спектакль «Чорная панна Нясвіжа». Усіх зацікаўленых запрасілі на аудыё-візуальнае падарожжа ў свет літар і шрыфтоў Антон Дубаневіч і Насця Шакунова.

«Ноч у бібліятэцы-2017» пад назвай «Вераснёвыя светлыя мары» сабрала шмат прыхільнікаў беларускай народнай культуры, традыцый, літаратуры. Мы спадзяемся на далейшыя сустрэчы з чытачамі на шматлікіх тэматычных мерапрыемствах з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання!

Дзякуем за прадастаўленыя фатаграфіі Марыне Васільевай, Святлане Лазарэнка і Андрэю Маісейкаву.

Поделиться:

Читайте также: